Source
🔆 Новы свет | проза#Рута_Азоўская "Жнівеньскія карамэлі"Жнівеньская гісторыя са смак...
203 Views/Reach
2025-09-21 17:19
Message №1897
#проза#Рута_Азоўская "Жнівеньскія карамэлі"Жнівеньская гісторыя са смакам цеплыні, карамэляў ды магіі Жнівеньскія карамэлі Час чараўніцтва. Белыя крышталінкі цукру зіхацелі пад жоўтым месяцовым сьвятлом, яно быццам бы мёд лілося праз адчыненае вакно й белы велюм фіранак. Зараз пачнецца містэрыя.Яна ставіць рондаль на газ. Сіняе полымя холадам абпякае сьцены, бліскучы мэтал, яе блакітныя вочы. Яно зьлёгка калыхаецца ад ветрыку за вакном. Павольна крышталікі бліскучыя быццам бы дыяменты рассыпаюцца, зьнікаюць у цёплых глыбінях рондаля. Яна паціху варушыць, каб мядовае месяцовае сьвятло падала прама ў карамэлі, яе асаблівыя жнівеньскія карамэлі. У гэты час, у жніўні, ўсё стае магічным, сакавітым, яскравым. Можна згубіцца ў сьвеце, дзе прахалодная павуцінка аблокаў лягла на неба, а потым растанула, дзе сонца гарача-цёплымі промнямі палівае навакольле, а цвыркуны ладзяць канцэрт у высокай траве. Ад гэтых канцэртаў здаецца, што ўвесь сьвет зялёная бутэлька, на дне якой зіхаціць нешта загадкавае. Выцягнуць бы той ліст ды прачытаць... Але тонкія каліграфічныя літары потым чытаюцца, калі ад іх застануцца цені, калі шэры вечар забярэ фарбы ў сьвету ды пакіне толькі тое, што было ўнутры, з чым прыйшла ды пойдзеш.Карамэль колеру грачанага мёду разьлітая па формачках. Месяц падміргвае, горка-салодкі пах павольна плыве ў паветры. Ён яе велюм, яе начны спадарожнік. Не першы раз яна варыць карамелі. Вось-вось прыйдзе восень, тады стане мелянхалічна ціха, празрыстасьць зьявіцца на небе надоўга. а потым пасядзе яго, запануе ў паветры, асядзе быццам бы кафейны фуз у душы.А калі над зямлёй зьявіцца першы па-сапраўднаму халодны вецер, пойдзе сьнег, што засеіць прасторы цішынёй, чысьцінёй ды новымі надзеямі, карамэлі будуць ужо іншыя, з цынамонам, магчыма з перцам... Яны гарачыя ды вострыя, яны з мроямі пра вясну ды лета. А тут у жніўні, яны ціха-мядовыя, сонечныя... Пераліваюцца не прывідным цяплом ды абяцаньнем "заўтра", а цяперышнім водарам горкага палыну, яшчэ не апошніх, але зыркіх кветак ды глыбокіх крышталёвых вечароў, аб якія яшчэ нельга парэзаць рукі ды сэрца.Карамэлькі адпачываюць, аддаюць цяпло, застыгаюць быццам бы марскія ракавінкі, што праляжалі ля мора сотні тысяч год. Потым яна расфарбуе іх. Нейкія ў бурштынава-жоўты, зялёны, нават калінава-чырвоны як лістота на клёне ў кастрычніку. А нейкія застануцца мядова-карычневымі, сапраўднымі, колеру карамэлі ды сапраўднага натхненьня. Апошнія яна пакіне сабе, а зыркія хутка разыдуцца па ўдзячных рукох, пакэтах, кішэнях. Яны будуць зіхацець перад наведнікамі яе крамкі ды хутка скончацца. Тое, што засталося яна захутае ў прыгожую паперу, дакладзе да яе іншых слодычаў ды адправіць поштай. Далёка, ім. Калісьці, яна варыла карамелькі менавіта для іх, а цяпер, каб не забыліся, які на смак жнівень. Яна ўздыхне як жнівеньскі вецер ды паглядзіць за гарызонт, думаючы-успамінаючы.А яна кожны год зноўку ды зноўку будзе рабіць карамэлі для ночы чараўніцтва, для залатога месячыка, што ўсьміхаецца праз адчыненае вакно, для ветрыка, што ўпляце ў тонкі велюм гаркаваты пах карамэлі, для зорак, на якія яна паглядзіць, правёўшы позіркам яшчэ адну зьнічку, загадае жаданьне ды пойдзе спаць.─────────≪✷≫────────☀️ Прапанаваць свае творы/малюнкі/музыку/вырабы: @masvet_by_bot, або ў паведамленні канала.─────────≪✷≫────────